ВЯЛІ́КАЕ ПРОЦІСТАЯ́ННЕ Марса, становішча планеты Марс, калі ён відаць з Зямлі ў напрамку, процілеглым Сонцу, і пры гэтым збліжаецца з Зямлёй на мінімальна магчымую адлегласць. Пры вялікім процістаянні Марс зручны для назірання: адлегласць да яго меншая за 60 млн. км (0,4 а.а.), вуглавы дыяметр павялічваецца да 25″, бляск дасягае -2,5 зорнай велічыні. Вялікія процістаянні адбываюцца ў інтэрвале дат ад 5 ліпеня да 5 кастрычніка, калі Зямля пры сваім руху па арбіце даганяе Марс, які знаходзіцца паблізу перыгелія. На гэты інтэрвал прыпадаюць 2 вялікія процістаянні з перыядам 15,05 года і адно з перыядам 2,136 года, потым зноў 2 праз 15,05 года і г.д. Апошнія вялікія процістаянні адбыліся ў 1971, 1986 і 1988. Наступнае чакаецца ў 2003. Гл. Таксама канфігурацыі планет.

Я.У.Чайкоўскі.

т. 4, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)